Аб вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў студзені – вераснi 2019 г.


У студзені – верасні 2019 г. у гаспадарках усіх катэгорый (у сельскагаспадарчых арганізацыях, сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках, гаспадарках насельніцтва) вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў бягучых цэнах склала 3 142,6 млн. рублёў і павялічылася ў параўнанні са студзенем – вераснем 2018 г. у супастаўных цэнах на 4,4%. У сельскагаспадарчых арганізацыях вытворчасць прадукцыі склала 2 602 млн. рублёў, або ў супастаўных цэнах на 5,9% больш, чым у адпаведным перыядзе папярэдняга года.

Вытворчасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) у гаспадарках усіх катэгорый склала 235,2 тыс. тон, малака – 1 359 тыс. тон, яек – 432,7 млн. штук. 

На долю сельскагаспадарчых арганізацый прыходзіцца 94,9% агульнага аб’ёму вытворчасці жывёлы і птушкі (у жывой вазе), 96,7% малака і 78,6% вытворчасці яек. 

Колькасць буйной рагатай жывёлы ў сельскагаспадарчых арганізацыях на 1 кастрычніка 2019 г. склала 864,2 тыс. галоў, у тым ліку кароў – 287,1 тыс. галоў. Колькасць свіней склала 311,7 тыс. галоў.

У сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці завершана ўборка збожжавых і зернебабовых культур (без кукурузы). На 1 кастрычніка 2019 г. намалочана збожжа ў першапачаткова апрыходаванай вазе 1 201 тыс. тон, што на 28,6% больш, чым на адпаведную дату 2018 года, сярэдняя ўраджайнасць атрымана 35,4 цэнтнера з аднаго гектара ўбранай плошчы супраць 28,9 цэнтнера ў папярэднім годзе. 

На пачатак кастрычніка бягучага года бульба ўбрана з 74% плошчы, якая падлягае ўборцы. Накапана бульбы 97,1 тыс. тон пры сярэдняй ураджайнасці 311 цэнтнераў з аднаго гектара. 

Цукровыя буракі ўбраны з 46,1% плошчы, якая падлягае ўборцы. Валавы збор буракоў цукровых атрыманы 330,3 тыс. тон пры сярэдняй ураджайнасці 384 цэнтнера з аднаго гектара. 

Агародніна ўбрана з 50,4% плошчы, якая падлягае ўборцы. Вытворчасць агародніны склала 30,3 тыс. тон пры сярэдняй ураджайнасці 353 цэнтнера з аднаго гектара. 

На 1 кастрычніка 2019 г. у сельскагаспадарчых арганізацыях пасеяна азімых збожжавых культур на зерне і зялёны корм на плошчы 224,6 тыс. гектараў. Пасяўная плошча пад азімы рапс склала 64,8 тыс. гектара. Зяблівае ўзворванне глебы праведзена на плошчы 8,5 тыс. гектараў. 

У сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці працягваюцца работы па нарыхтоўцы кармоў. На пачатак кастрычніка бягучага года нарыхтавана кармоў 2 298,6 тыс. тон кармавых адзінак, з іх кармоў з траў – 1500 тыс. тон. У разліку на ўмоўную галаву для грамадскага пагалоўя жывёлы кармоў нарыхтавана 26,8 цэнтнера кармавых адзінак, з іх кармоў з траў – 23,4 цэнтнера. .

16.10.2019 11:00

Возврат к списку

Версія для друку
224030, Брэст, праспект Машэрава, 18
Эл. пошта: brest@belstat.gov.by
Белстат у Facebook